ЛЕ́НГМЮРА ФО́РМУЛА,

аналітычная залежнасць эл. току паміж электродамі, змешчанымі ў вакуум, ад прыкладзенага да іх напружання. Названа ў гонар І.Ленгмюра, які даследаваў гэтую залежнасць для розных канфігурацый электродаў. Выгляд Л.ф. залежыць ад формы электродаў і геаметрыі міжэлектроднай прасторы, у найб. простых выпадках сіла току прапарцыянальная U​3/2 (закон трох другіх), дзе U — прыкладзенае да электродаў напружанне. Выкарыстоўваецца пры разліках і канструяванні эл.-вакуумных прылад (пераважна для электронных лямпаў з напаленым катодам). Гл. таксама Тэрмаэлектронная эмісія.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)